skip to content

У тайзе

Я апрануў самоты плашч.
Цягну маўчання сола.
Жыве ўва мне
Твой ціхі плач
Праводзін невясёлых…

Далёка ты.
І ўсё без змен.
І толькі згадак ворах.
Таўчэ адлегласці бязмен
Па нервах хворых…

Высокі дзень.
Гарачыня.
Паветра ў горле загусае.
А рэха думак,
Як гайня,
Па кедрачы гайсае.

Лінялы неба парасон.
Хілюся ў травы ніцма:
Мне часта бачыцца праз сон
Блакіт тваёй спаднічкі…

Міражны радасці вакзал…
Сустрэчы час вясёлы…

Трывае дух –
Жыцця вазак.
Шчыміць спіна ад солі.

Віктар Стрыжак