Маналог яблыні
Была зімой, як белы сад аціхлы.
Была вясной, як снежная зіма.
Ды дрэвы ўсе і май паразнявесціў,
I белыя святочныя пялёсткі
Змяшаліся з травою і з пяском...
О, блізкія-далёкія мне людзі,
Чакаючы штодня пераўтварэнняў,
Вы прынялі мяне таму, як Дрэва
Ад Саду, што трымаў цяжар пладоў.
Вы нанасілі торфу, перагною
I заняволілі ў трохкутнік дрэўца.
А як мне, перасаджанай, раслося —
Адзін вятрыска ведае аб тым...
Дык дзякую за тое, што бялілі
Мяне вясной, каб на кару не палі
I вусені, і мурашы падчас.
Але чаму чарнела ўслед пабелка
На яблыньцы малой? I без разбору
Тачылі дрэўца — хто — калі — хацеў?..
I дзякуй вам, што падразалі ўпору,
Каб лішні сок з зямлі не выбірала,
Каб голькай лішняй свет не засланяла.
Але чаму ж адрэзаныя голькі
Крывавілі на тлустую зямлю?..
I за ваду вялікае вам дзякуй,
Што саладзілі тым спякотным часам;
Але ўсё роўна чорная гаркота
Пякла пасля сасмяглы мой язык...
А яблыкі паспелыя здымалі —
Не частавалі імі падарожных:
Бо кожны, нат зялёны самы яблык,
На вашых вагах потым даспяваў...
Таму сягоння, буйна так узросшы
Пасля засух і жудасных марозаў,
Я разбураю цесны свой трохкутнік,
Як агароджу нейкае магілы.
Не падыходзьце блізка: бо галіны
Так першы раз у квецені кіпяць!
Яўгенія Янішчыц
Зязюлька
З бароў вушацкіх,
Што зрабілі лядамі,
Апошняя зязюлька баравая
Над братам убіваецца, кукуе.
Прыбітая і горам, і спагадамі
Як толькі шчырая душа трывае.
Анёле крэўнасці,
Падай руку ёй...
Рыгор Барадулін
Мне не патрэбны суцяшэнні...
Мне не патрэбны суцяшэнні...
Хоць раз задумайся сама.
Прыйшла. Прынесла спусташэнне
Не як тайфун, а як чума.
Няма ні крыўды, ні адчаю,
Нянавісці і той няма.
I за халоднай шклянкай чаю —
Адна сцюдзёная зіма.
Пімен Панчанка
Хату бабулі перакрывалі...
Хату бабулі перакрывалі.
Ладныя цеслі латы часалі,
Ветрылі зубы ўверсе, падпіўшы,
Каб не памерла, не заплаціўшы.
Хата палачана.
Шыферам крытая.
Цеслям заплачана.
Цеслямі выпіта.
Дом па-мужыцку
Да ладу даведзены.
Што ж не прыходзіць
Ніхто у адведзіны?
Сорак гадочкаў
Мінула, а верыць —
Нехта з сыночкаў
Пастукае ў дзверы.
Леанід Галубовіч
А што было? А так, нічога!..
А што было? А так, нічога!
Сляпых кіданняў тры гады,
Начная да цябе дарога.
Ну што яшчэ было тады?
Я і кажу — зусім нічога,
Кахання мройлівая здань,
Маленне ля твайго парога,
Маё: "Андрэй!", тваё: "Адстань!".
Вольга Ласаева
Сваіх гадоў ні вязень, ні ўладар
Сваіх гадоў ні вязень,
ні ўладар,
Вяртаюся назад — заўжды ў тваю
святліцу.
За чорны цень,
што ўпаў на мілы твар,
Жыцця акрайца ўжо ня хопіць
адмаліцца.
Куды ж мне жаль,
трывогу,
боль
падзець?
Прашу хвілін,
а іх становіцца ўсё меней,
Каб доўга-доўга на цябе глядзець,
Нібыта піць ваду крынічную са
жмені.
Сяргей Законнікаў
Хмары плывуць...
Хмары плывуць.
Інерцыя кахання.
У сэрцы муць.
Жахлівае ранне!
Вольга Ласаева
Тваё імя
Тваё імя варушыцца ў душы,
Як птушанё,
што выпала з
гнязда...
Лёс за мяне падумаў і рашыў —
Людзей ня радасць вучыць,
а бяда.
Даўно надзеі свечку патушыў,
Што доўг за ласку я змагу
аддаць...
Тваё імя варушыцца ў душы,
Як птушанё,
што выпала з гнязда.
Сяргей Законнікаў
Бедна тут, нявесела і глуха...
Бедна тут, нявесела і глуха,
Чорны вецер кружыцца над полем,
А са мной развітваецца суха
Хлопчык, не знаёмы з вечным болем.
У бясконцасць пушчана хвіліна,
І мячы скрыжоўваюць пагляды...
Быццам я забіць яго павінна!
Быццам ён мяне забіць бы рады!
Гавару — маёй не чуе мовы,
Кідае прыдуманыя фразы.
Ведаю: даўно былі гатовы
Гэтыя бязлітасныя сказы.
Цёплай захлынулася крывёю
Мінае апошняе спатканне,
Падаю... I ўдарыў ён нагою,
Каб было жывейшым развітанне.
Густа недзе, моташна і глуха,
Толькі вецер кружыцца над полем
I са мной развітваецца суха
Хлопчык, не знаёмы з вечным болем.
Вольга Ласаева
Круг звыклай мітусні...
Круг звыклай мітусні,
Зададзенасці быта.
Мільгаюць спорна дні,
I многа іх забыта.
Ды ўспомні час, калі
Мы ў нейкім утрапенні
Ня дням падлік вялі,
А кожнаму імгненню.
Цвіў радасці язмін,
I зелянелі душы.
Дагэтуль успамін,
Як вецер,
вусны сушыць.
I часта ў сне да нас
У вочы заглядае
Далёкая вясна,
Як воля, маладая.
Мінулага жарству
Варушыць дум карэнне,
Іх ніткі перарву —
I прыйдзе разуменне,
Што сталы, мудры свет
Яшчэ памаладзее.
Ступаюць дзеці ўслед —
Твая, мая надзея...
Чаму ж пражыты дзень
Глядзіць усё ж гаротна?
Над безданню ідзем,
I шлях наш — незваротны!
Сяргей Законнікаў
I мяне хвароба тузанула...
I мяне хвароба тузанула,
Ведзьме рыхтавала на пасаг.
Адыдзі — дабром прашу — зануда,
Дай мне пра здаровых напісаць.
Бо пакуль шукаў я слоў глыбінных,
Каб душой не пакрывіць ні ў чым,
Пачарнелі ўсе мае рабіны,
Зледзянеў ядловец уначы.
Не жадаю ў буркатні пагразнуць!
Скардзіцца не ўмею, не хачу.
I не стану прытварацца блазнам,
З маладымі ціха памаўчу...
Маладосць, не хочаш — не вяртайся:
Мне не сорам жыць і з сівізной.
Толькі зрэдку ты са мной вітайся,
Не пад Новы год і не вясной.
Прывітайся ты са мною ўвосень,
Калі дождж так цяжка б’е ў душу,
Можа, не ўпаду я на пракосе,
Можа, луг апошні дакашу.
Пімен Панчанка
Последние комментарии
30 недель 2 дня назад
32 недели 2 дня назад
33 недели 8 часов назад
1 год 19 недель назад
1 год 22 недели назад
1 год 27 недель назад