skip to content

Стварэнне нашага свету

Быў першы дзень
неспадзяваных слоў.
Знаёмства на адлегласці –
самотай.
Вось ты прыйшоў,
жывы, з няясных сноў, —
блакіт вачэй
і валасы, як лотаць.

Быў дзень другі:
чужання горкі смак,
жадання
не парушыць лад спакою.
А ўжо душа
цягнулася сама
ўладна зліцца
з роднаю душою.

Быў трэцці дзень,
калі маю далонь
адагравала я
ў тваёй далоні.
Яднала нас
міжзорнае святло
сугучнасцю
ўзнёсла і няўлоўна.

Чацвёрты дзень
ствараў нас дабрынёй,
праніклівай спагадай,
разуменнем.
Мы прывыкалі
да сваіх імён —
нязвыклых
у нязвыклым вымаўленні.

Быў пяты дзень
з любові, з нематы.
як свет, дзе можна
звонкай птушкай лётаць.
Прыжмуру вейкі —
і скрозь цемру — ты,
блакіт вачэй
і валасы, як лотаць.

Быў шосты дзень,
расстайны, у жальбе,
нязгаснасцю
прывідна абнадзеены.
Балюча адплываю ад цябе,
нібыта мацярык, тугой аддзелены.

Зінаіда Дудзюк