skip to content

Спачуванне

Спачуваю чалавеку,
калі ў яго праразаюцца зубы.
У мяне самога праразаліся зубы,
і хоць я гэта не помню,
але ведаю: балюча было тады.

Спачуваю чалавеку,
калі ён б'ецца над пытаннямі,
калі да яго прыходзяць сумненні,
калі яго спасцігаюць расчараванні.
Я зведаў на ўласным вопыце
і тое, і другое, і трэцяе.

Спачуваю чалавеку,
калі яму крыўдна,
калі гняце яго несправядлівасць.
Несправядлівасць! Я знаю, што гэта такое.
Самая большая рана на маім сэрцы —
гэта тая, якую пакінула несправядлівасць.

Спачуваю чалавеку,
калі ў яго памірае маці,
калі ў яго гора.
У мяне самога памірала маці,
я сам глядзеў у чорную бездань гора.

Спачуваю чалавеку,
калі ён баіцца смерці,
калі ён паміраць не хоча.
Я ж сам смяротны і ведаю:
не так гэта лёгка памерці,
калі над табой такое сіняе-сіняе неба,
калі вакол такая зялёная-зялёная трава.

Спачуваю чалавеку,
і гэта, відаць, натуральна.
Бо хто ж яму паспачувае,
калі не я — такі ж, як ён, чалавек!

Анатоль Вярцінскі