skip to content

Маналог яблыні

Была зімой, як белы сад аціхлы.
Была вясной, як снежная зіма.
Ды дрэвы ўсе і май паразнявесціў,
I белыя святочныя пялёсткі
Змяшаліся з травою і з пяском...
О, блізкія-далёкія мне людзі,
Чакаючы штодня пераўтварэнняў,
Вы прынялі мяне таму, як Дрэва
Ад Саду, што трымаў цяжар пладоў.
Вы нанасілі торфу, перагною
I заняволілі ў трохкутнік дрэўца.
А як мне, перасаджанай, раслося —
Адзін вятрыска ведае аб тым...
Дык дзякую за тое, што бялілі
Мяне вясной, каб на кару не палі
I вусені, і мурашы падчас.
Але чаму чарнела ўслед пабелка
На яблыньцы малой? I без разбору
Тачылі дрэўца — хто — калі — хацеў?..
I дзякуй вам, што падразалі ўпору,
Каб лішні сок з зямлі не выбірала,
Каб голькай лішняй свет не засланяла.
Але чаму ж адрэзаныя голькі
Крывавілі на тлустую зямлю?..
I за ваду вялікае вам дзякуй,
Што саладзілі тым спякотным часам;
Але ўсё роўна чорная гаркота
Пякла пасля сасмяглы мой язык...
А яблыкі паспелыя здымалі —
Не частавалі імі падарожных:
Бо кожны, нат зялёны самы яблык,
На вашых вагах потым даспяваў...
Таму сягоння, буйна так узросшы
Пасля засух і жудасных марозаў,
Я разбураю цесны свой трохкутнік,
Як агароджу нейкае магілы.
Не падыходзьце блізка: бо галіны
Так першы раз у квецені кіпяць!

Яўгенія Янішчыц