skip to content

Лісцё абсыпалі бярозы...

Лісцё абсыпалі бярозы.
Буслоў не бачна за ракой...
Нібы на споведзі,
цвярозы
Сыходзіць на душу спакой.

Пражытыя табою годы
Ляцяць,
як жалуды ў траву.
Негаваркі сялянскі одум
Схіляе нізка галаву.

Успамінаюцца шляхі ўсе,
I прызнаешся у цішы,
Што па-блазенску мітусіўся
I часта,
як хлапчук,
спяшыў,

I нёс вядро сваё няпоўным,
I спатыкаўся шмат разоў,
I хваляваўся не галоўным,
А выпадковай драбязой...

Ах, колькі жалудоў мадзее
На намі ўтоптанай зямлі...
Але не выкідай надзею —
Каб тыя,
што яшчэ рудзеюць,
Праз лісце прэлае ўзышлі...

Генадзь Бураўкін